ГІСТО́РЫЯ ХВАРО́БЫ,
асноўны мед. дакумент, што складаюць на кожнага хворага, які звяртаецца ў лячэбна-прафілакт. ўстанову. Уключае пашпартную частку (прозвішча, імя, імя па бацьку, узрост, сямейнае становішча, прафесію і інш.), звесткі пра хваробы (раней перанесеныя і на гэты момант), вынікі абследавання і лячэння хворага. Змены ў стане хворага і цячэнні захворвання заносяцца ў гісторыю хваробы пры кожным наведванні хворым паліклінікі, а ў стацыянары — штодзень; у выпадку смерці прыводзіцца пратакол паталаг. ўскрыцця. Пры выпісцы ці пераводзе хворага ў інш. лячэбную ўстанову, а таксама ў выпадку смерці даецца заключэнне ўрача — эпікрыз. Гісторыя хваробы забяспечвае пераемнасць для ўрачоў у ажыццяўленні лячэбна-прафілакт. мерапрыемстваў. У неабходных выпадках з’яўляецца матэрыялам для суд.-мед. следства.
т. 5, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)